Михалюк Павел Рышардович
Депутат Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь
Молодость, традиции и опыт - залог будущего нашей Беларуси

Михалюк Павел Рышардович
Главная Новости

Новости

Бясцэнны подзвіг, памяць непагасная. У Шчучыне адбыўся мітынг, прысвечаны Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь

03 07/2020
  Галоўнай падзеяй святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дня Рэспублікі) і 76-й гадавіны вызвалення Беларусі ў Шчучыне стаў урачысты мітынг. Кіраўніцтва раёна, ганаровыя госці, ветэраны вайны і працы, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый, моладзь у суправаджэнні барабаншчыц і Гродзенскага аркестра пагранічнай службы накіраваліся да брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан, што ў гарадскім скверы. Разам сабраліся прадстаўнікі розных пакаленняў. Аддаючы павагу дзяржаўнай сімволіцы, урачысты мітынг пачаўся ўзняццем Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Права падняць сцяг было прадастаўлена ветэрану працы, кавалеру ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга Івану Кірылавічу Козічу і таленавітай моладзі раёна: навучэнцу аб’яднанняў па інтарэсах “Авія- і ракетамадэлявання” Шчучынскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці, стыпендыяту прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў Міхаілу Лобачу, выпускніцы ўзорнага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь студыі эстраднай песні “Апрель” Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі Паліне Бекіш, вучаніцы 6-га класа балалайкі Шчучынскай ДШМ Лізавеце Еўтушык і навучэнцу Шчучынскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя Паўлу Юрчанку. 
  Віншаванні з вялікім знамянальным святам адрасаваў удзельнікам урачыстага мерапрыемства старшыня раённага выканаўчага камітэта А.В. Садоўскі. - 3 ліпеня для кожнага з нас асаблівы дзень. Роўна семдзесят шэсць гадоў таму адгрымелі апошнія баі за сталіцу нашай Радзімы - горад Мінск. Гэта была перамога над самой смерцю. Гэта быў трыумф адзінства і сілы духу вялікага пакалення воінаў-вызваліцеляў, - адзначыў Аляксей Валянцінавіч. - Сёння мы зноў успамінаем усіх, хто гераічна трымаў удар агрэсара. І гэта памяць - частка нашай нацыянальнай самасвядомасці. Мы стаім каля брацкай магілы, у якой пакояцца тыя, хто аддаў свае жыцці за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы. Для нас яны назаўсёды застануцца героямі, узорам мужнасці, сімвалам нязломнасці волі і адданай любові да Айчыны. Свабода і незалежнасць дасталася нашаму народу дарагой цаной. Мы ўмеем цаніць мінулае, сваю гісторыю, непарыўную сувязь паміж пакаленнямі, лепшыя традыцыі і багатую спадчыну свайго народа. Мы імкнемся вырасціць дастойнае маладое пакаленне, якое ўсведамляе, што іх Радзіма тут. Менавіта на роднай зямлі можна і трэба раскрываць свае таленты і рэалізоўваць самыя смелыя ідэі і задумы, вучыцца, працаваць і будаваць планы на заўтрашні дзень. 
  Словы ўдзячнасці ветэранам за гераічны ратны і працоўны подзвіг адрасаваў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь П.Р. Міхалюк і пажадаў ім моцнага здароўя, увагі і клопату блізкіх людзей, бадзёрасці духу і аптымізму: “Вы вынеслі ўсе нягоды вайны і аднавілі краіну з руін. Вы паказалі ўсяму свету, наколькі магутнымі могуць быць воля і дух народа, аб'яднанага святой мэтай. Дзякуй вам за магчымасць мірна жыць на роднай зямлі, добрасумленна працаваць, выхоўваць дзяцей і марыць пра будучыню”.  
 Звяртаючыся да прысутных, галоўны ўрач Шчучынскай цэнтральнай раённай бальніцы І.У. Загароўскі падкрэсліў: "У жыцці кожнага народа ёсць лёсавызначальныя даты, якія становяцца пунктам адліку новага этапу гісторыі. Наша незалежнасць заснавана на заслугах пакалення пераможцаў. Нашы продкі аддавалі ўсе сілы для таго, каб сёння мы жылі ў свабоднай краіне. І ў нашых сілах зберагчы свабоду і захаваць мір ". Памяць аб загінуўшых у гады вайны ўшанавалі хвілінай маўчання. У Вялікай Айчыннай вайне Беларусь страціла каля трох мільёнаў сваіх сыноў і дачок. На брацкую магілу загінуўшым воінам кладуцца кветкі, у памяць аб іх гучыць зброевы залп ... Праходзяць гады, але памяць перадаецца з пакалення ў пакалення. Памяць жывая, і не вянуць кветкі ля абеліскаў, выгадаваныя на мірнай зямлі і ў свабоднай незалежнай краіне.
dzyannica.by
Все новости